С наслаждением рисует миорчанин Максим Жугар

У аддзяленне рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН Максім Жугар прыходзіць не з пустымі рукамі. З сабой мальберт, фарбы, альбомы. З дзяцінства захоплены маляваннем, ён удасканальвае тут свае ўменні і навыкі. Работы Максіма ўпрыгожваюць інтэр’ер аддзялення, не раз іх адзначалі на творчых конкурсах.

Прыцягвае позірк вялікая карціна з пышным букетам руж у цэнтры – «Галандскі нацюрморт». Пераможца фестывалю-конкурсу творчасці людзей з інваліднасцю «Зорка надзеі», які штогод праходзіць у Лепелі. За восем гадоў, што займаецца ў аддзяленні рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН, Максім Жугар не раз быў у ліку ўдзельнікаў і пераможцаў. На працягу ўсяго часу развіваць творчыя здольнасці мастаку-аматару дапамагае спецыяліст Алена Плехтан.

– Любоў да малявання ў Максіма пастаянная, – заўважае Алена Анатольеўна. – Напачатку спрабаваў керамікай займацца, аднак аддаў перавагу малюнку. Яму падабаецца спрабаваць розныя стылі і тэхнікі. Піша маслам, акрылавымі фарбамі, графітнымі алоўкамі. У яго шмат альбомаў з накідамі. Пастаянна развіваецца. Вывучае тэматычныя кнігі і прымяняе на практыцы апісаныя ў іх метады.

Сюжэты Максім у большасці пераймае з карцінак, якія шукае праз Інтэрнэт. Апошнім часам падабаюцца горы, японскія матывы, містычныя малюнкі. Копіямі іх не назавеш.

– Выяву часткова змяняю. Цалкам не капірую, – заўважае суразмоўнік. – Маляваў карціны па нумарах, але больш падабаецца пераймаць сюжэты.